Экскурсія
18 мая ў Міжнародны дзень музеяў Навуковая бібліятэка арганізавала наведванне Музея беларускага кнігадрукавання.
Музей, які прысвечаны яе Вялікасці Кнізе, сустрэў нас шчырасцю і гасціннасцю. Праходзячы па залах музея, мы пазнаёміліся з кнігай ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі; пабачылі розныя матэрыялы для стварэння кнігі і інструменты для пісьма. Строгі манах-перапісчык нагадаў нам пра цяжкую працу па стварэнні рукапіснай кнігі, а руплівыя наборшчык і друкар распавялі пра першыя друкаваныя кнігі.
У адноўленай зале, якая прысвечана Францыску Скарыне, пазнаёміліся з выдавецкай дзейнасцю нашага земляка-першадрукара, пабачылі, як выглядалі Скарынаўскія кнігі. Пра працу мастакоў-афарміцеляў цікава было даведацца на другім паверсе музея, дзе таксама можна было пабачыць вялікую калекцыю беларускіх выданняў 19-20 стст. Сучасная паліграфія і кнігі лаўрэаты розных конкурсаў, лепшыя кнігі Беларусі-гэта таксама частка экспазіцыі другога паверха. На завяршэнне экскурсіі мы пазнаёміліся з цудоўнай скульптурай Паўла Вайніцкага “Прысвячэнне роднаму слову”, якая паказвае нашу родную мову на розных гістарычных этапах.
Цікавае і пазнавальнае падарожжа ў гісторыю кнігадрукавання прыйшлося ўсім да спадобы!